Свята Івана Купалы ў дашкалят
У ДУА «Яслі-сад в. Паляцкішкі» стала традыцыяй знаёміць дзяцей з народнымі святамі, далучаючы да вытокаў народнай культуры. Адным з запамінальных момантаў стала мерапрыемства, прысвечанае святу Івана Купалы.
Спачатку выхавальнік дашкольнай адукацыі пазнаёміла дзяцей з гісторыяй і традыцыямі свята Івана Купалы, расказала, што свята прысвечана росквіту прыроды і летняму сонцастаянню. Асноўнымі абрадамі дадзенага свята прынята лічыць збор гаючых траў і кветак, якія набываюць у гэты дзень асаблівую сілу; рытуал ачышчэння агнём (праз купальскае вогнішча людзі скакалі, у ім спальвалі ўсе нягоды); варажба на будучыню (дзяўчаты пускалі па вадзе купальскія вянкі).
Дзеці з энтузіязмам узяліся за выкананне дадзеных абрадаў. Кожны хацеў сабраць разнастайны букет кветак для купальскага вянка, каб ён быў самым маляўнічым. Калі кветкі былі сабраныя, дзяўчынкі пачалі плесці вянкі, а хлапчукі ім у гэтым дапамагалі. Гатовыя вянкі дзеці пусцілі на ваду і кожны загадаў самае патаемнае жаданне, якое абавязкова павінна спраўдзіцца. Вядома ж не абышлося без купальскага вогнішча, праз якое кожны ўдзельнік мерапрыемства спяшаўся пераскочыць, каб пакінуць у мінулым усе няўзгоды.
Зарад бадзёрасці і вялікую колькасць станоўчых эмоцый атрымалі ўсе ўдзельнікі забавы. У выніку атрымалася вясёлае і маляўнічае свята на свежым паветры. Такія мерапрыемствы дапамагаюць развіваць цікавасць дзяцей да гісторыі, культуры, старадаўніх звычаяў. Можна сказаць з поўнай упэўненасцю: выхаванцы дзіцячага сада правялі час цікава, актыўна і весела.