Дарогамі ваенных гадоў

Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа выхаванцы аздараўленчага лагера “Рознакаляровае лета” дзяржаўнай ўстановы адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Забалацкія яслі-сад-сярэдняя школа” наведалі гарадскі пасёлак Радунь, гісторыя якога вельмі цікавая. Надоўга застануцца ў памяці ўражанні ад наведвання музея валуноў “Валуны крутых дарог мінуўшчыны” і Народнага гісторыка-краязнаўчага музея ў Радунскай сярэдняй школе. Тут дзеці змаглі паглядзець экспазіцыі, якія адлюстроўваюць найбольш значныя падзеі ў гісторыі г.п. Радунь і Воранаўскага раёна, знаёмяць з жыццёвым шляхам знакамітых землякоў, самабытнай культурнай прасторай насельнікаў Воранаўскага краю.
Экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне, дала магчымасць даведацца пра абарончыя баі Чырвонай Арміі ў нашым краі ў 1941 годзе, пра стварэнне і разгортванне падполля і партызанскага руху, злачынствы захопнікаў, ход вызваленчых баёў у 1944 годзе, аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі.
У парку па вуліцы Савецкай у Радуні знаходзіцца абеліск, які ўстаноўлены на брацкай магіле. Экскурсанты хвілінай маўчання ўшанавалі памяць 45 воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Наступным прыпынкам была вёска Дубінцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі брацкую магілу на Дубінскай гары. Тут пахаваны 28 невядомых воінаў 17-ай стралковай дывізіі 21-га стралковага корпуса, у тым ліку лейтэнант Расолька, якія загінулі ў 1941 годзе падчас бою з фашыстамі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.