Маленькія эколагі з Паляцкішак у адукацыйным праекце “Зялёныя школы”

Дзейнасць педагагічнага калектыву ДУА “Паляцкішскі дзіцячы сад” у 2022 годзе атрымала высокую ацэнку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. За працу па экалагічным выхаванні ў рамках адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” установа ўзнагароджана дыпломам 3 ступені з прысваеннем статусу “Зялёная школа”.

Да рэалізацыі праекта прыцягнулі выхаванцаў дзіцячага сада і іх бацькоў. Стварылі ініцыятыўную групу з ліку педагогаў і бацькоў, азнаёміліся з прапанаванымі заданнямі па напрамках праекта “Зялёныя школы” і склалі свой план працы.

Былі створаны месцы для даследавання і сезонных назіранняў, тэматычныя пляцоўкі і веранды, інфармацыйны куток, клумба для матылькоў і іншых насякомых, экалагічная сцежка, агарод лекавых і агароднінных культур і г.д.

Педагагічным калектывам былі выраблены дыдактычныя гульні на разнастайныя экалагічныя тэмы, створана картатэка гербарыя з засушанымі кветкамі. У групе выраблена дыдактычныя дрэва, на якім дзеці размяшчалі карцінкі птушак, якіх вывучалі падчас заняткаў ці назіралі на тэрыторыі. Разнастайнасць створаных умоў дапамагала якасна забяспечыць працэс экалагічнага выхавання дашкольнікаў.

У выкананне заданняў па прапанаваных тэмах ўцягнулі ўсіх удзельнікаў праекта (педагогаў, выхаванцаў, бацькоў). Усю дзейнасць здзяйснялі як праз спецыяльна арганізаваную, так і нерэгламентаваную дзейнасць. Выкарыстоўвалі розныя формы работы па экалагічным выхаванні: чытанне казак, дыдактычныя гульні “Суаднясіце карцінку расліны з узорам гербарыя”, “Назаві, хто ў хатцы жыве?”, гульні па фарміраванню эмацыйна-каштоўнасных адносін да прыроды (“Жыхары Чырвонай кнігі”), гульні, накіраваныя на далучэнне выхаванцаў да экалагічна арыентаванай дзейнасці (“Адсартуй смецце”) і іншыя.

Вялікую ўвагу надавалі правядзенню святаў і забаў. Асабліва спадабалася дзецям забаўка “Місія – выратаванне планеты”, занятак “Маленькія даследчыкі”. На мерапрыемствах дзеці вырашалі розныя праблемныя сітуацыі, успаміналі правілы паводзін у лесе, чыталі вершы і выконвалі песні пра прыроду, інсцэніравалі творы. Пры складанні канспектаў заўсёды ўлічвалі інтарэсы сучасных дзяцей. У госці да дзяцей прыходзілі героі з мультфільма “Фіксікі”, “Маша і мядзведзь”, “Смешарыкі” і г.д.

На тэрыторыі дзіцячага сада педагогамі разам з выхаванцамі былі пасеяны авёс, кукуруза, пшаніца. Кожны дзень дзеці назіралі за ростам культур, адзначалі змены ў сваіх дзённіках і клапаціліся пра расліны.

Любімай формай работы сталі акцыі. З мэтай захавання навакольнага асяроддзя, ўтрымання чысціні і парадку, для прыцягнення ўвагі дзяцей і бацькоў да паўторнага выкарыстання непатрэбных рэчаў, нарадзілася ідэя правядзення акцыі “Другое жыццё непатрэбным рэчам”.

Традыцыйнай стала акцыя “Упрыгож тэрыторыю кветкамі”, падчас рэалізацыі якой разнастаілі ўчастак шматгадовымі і аднагадовымі раслінамі.

Сем’і выхаванцаў сталі ўдзельнікамі акцый “Зрабі свет чысцей” (уборка смецця), “Дапамажы птушкам” (выраб кармушак і шпакоўняў), “Выратуй дрэвы”, “Добрыя справы для малой Радзімы” (збор макулатуры) і іншыя.

З вялікім задавальненнем праводзілі акцыі “Экалагічны патруль” сярод сваіх аднагодкаў, вучняў Паляцкішскай сярэдняй школы, бацькоў і жыхароў вёскі. Акцыі праходзілі ў форме апытання, адгадвання загадак, вырашэння праблемных сітуацый на экалагічную тэму.

На працягу ўсяго перыяду ажыццяўляла сваю дзейнасць практычная лабараторыя “Маленькія даследчыкі”. Дзеці пастаянна праводзілі вопыты, выступалі перад іншымі выхаванцамі, вучнямі, жыхарамі вёскі.

Сістэматычна запрашалі бацькоў да ўдзелу ў конкурсе “Экалагічны форум” (восеньскія букеты, афармленне экасумак, цуды з газеты, букет з непатрэбнага матэрыялу) і іншыя.

Любое мерапрыемства праходзіла ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі, вучнямі Паляцкішскай сярэдняй школы, работнікамі культуры. Разам мы абменьваліся вопытам, спрабавалі нешта новае. Тэрыторыя ўстановы дашкольнай адукацыі набыла індывідуальнае аблічча, адзіную адукацыйную прастору.

Інфармацыя аб праведзеных мерапрыемствах была прадстаўлена на сайце ўстановы адукацыі, а таксама ў бацькоўскіх чатах.

Рэалізуючы праект “Зялёныя школы”, мы атрымалі задавальненне ад праведзеных мерапрыемстваў і атрыманых ведаў.

У бягучым навучальным годзе педагагічны калектыў установы працягвае працу па выхаванні асноў экалагічнай культуры ў дзяцей дпшкольнага ўзросту. А планаў вельмі шмат!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.