3 ліпеня ў “Канваліі” святкавалі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

        Фальклорна-краязнаўчы дзіцячы аздараўленчы лагер “Канвалія” з кругласутачным знаходжаннем – гэта выдатная пляцоўка для фарміравання патрыётаў і грамадзян Рэспублікі Беларусь. Разам з вучнямі дзяржаўнай установы адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Канвелішскія яслі-сад-сярэдняя школа” Воранаўскага раёна на базе лагера размясціліся і студэнты-філолагі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія знаходзяцца ў фальклорнай экспедыцыі.

        3 ліпеня 2021 года ў “Канваліі” святкавалі Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Цэнтральным мерапрыемствам дня стаў літаратурна-музычны батл “Беларусь у маім сэрцы”. Сярод запрошаных гасцей прысутнічалі дацэнты кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдаты філалагічных навук, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Сабуць А.Э. і Казлоўскі Р.К., а таксама загадчык філіяла “Канвелішскі цэнтр культуры і досугу” Пільжыс Г.Ч., бібліятэкар філіяла “Канвелішская сельская бібліятэка” Сініцкая Т.С.

      Літаратурна-музычны батл “Беларусь у маім сэрцы” стварыў усе ўмовы для развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў і студэнтаў, фарміраваў у іх камунікатыўную культуру. На сцэне гучалі песні пра Беларусь, дэкламаваліся пранікнёныя вершы Таісы Трафімавай, Алеся Салтука, Васіля Жуковіча ў выкананні вучняў і студэнтаў. Спаборнічалі і маладыя паэты, прадстаўляючы свае творы пра Беларусь, яе прыроду, людзей. Пазнавальная віктарына на тэму “А ці ведаеце вы?” пашырыла веды пра гістарычнае мінулае беларускага краю, яго этнаграфію, культурную спадчыну. Нікога не пакінулі раўнадушнымі жартоўныя прыпеўкі ў выкананні ўдзельнікаў фальклорнага гурта “Сябры і сяброўкі”. Акрамя гэтага, моладзь з вялікім задавальненнем уключылася ў забаўляльную дзейнасць. На майстар-класе старажылы вёскі Канвелішкі Калыскі Л.І. “Танцуй разам з намі” развучвалі беларускія народныя танцы : польку, кракавяк, кадрылю. Неабходна адзначыць, што маладое пакаленне стараецца захоўваць традыцыі мясцовай культуры.

      Адзін з цікавых момантаў мерапрыемства – з’яўленне на сцэне беларускіх герояў – дзеда Мікіты і бабы Ганулі, якія трапна і з дасціпным гумарам прапанавалі ўсім прысутным паспрабаваць канвелішскіх прысмакаў: духмяных пірагоў, хрустоў, маладой бульбы са шкваркай, квасу з бярозавікам. Усе з асалодай частаваліся народнымі стравамі. Здавалася, дух  чароўны роднай вёскі прывабліваў да сябе гасцей. Усе ўпэўніліся яшчэ раз у тым, наколькі добразычлівыя і гасцінныя канвелішскія людзі. Напрыканцы вядучыя мерапрыемства (Сварабовіч С., Станкевіч П., Маркель П., Трахімчык Д.) пажадалі ўсім прысутным моцнага здароўя, дабрабыту і запрасілі ўсіх прысутных зноў праз год сустрэцца ў фальклорна-краязнаўчым лагеры “Канвалія”.

                  Калі засумуеце дзесьці падчас,

                  Прыязджайце: “Канвалія” чакае вас.

                  Тут танчым кадрылю і дружна пяём,

                  Тут родную спадчыну мы спазнаём!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.