Фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Беласток – Гродна

Яркае свята міжнацыянальнай дружбы фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Беласток – Гродна”     8 верасня прымаў  польскі горад Беласток.   Самыя яркія таленты Падляскага ваяводства  выконвалі песні на беларускай мове, а каларытныя, самабытныя артысты Гродзенская вобласці ў сваёй творчасці прадстаўлялі нацыянальную польскую культуру.

 

У прыгожым парку, які патанае ў кветках і зеляніне, побач з фантанам, панавала неверагодная атмасфера добрасуседства і ўзаемаразумення. Шматлікія гледачы гарачымі апладысментамі віталі ўсіх без выключэння артыстаў. Святочны дзень быў напоўнены творчай радасцю, феерверкам фарбаў, гучаннем чаруючых галасоў, паэзіяй і музыкай душы адораных аўтараў і выканаўцаў! Дарэчы, свята сабрала нават тых гасцей, якія даўно жывуць па-за межамі Польшчы, але захоўваюць у сэрцы найлепшыя ўспаміны аб фестывалі і стараюцца ніколі яго не прапускаць.

На фестывалі Гродзеншыну прадстаўлялі: народны ансамбль “Гарадніца” з Гродна, народны ансамбль “Стокроткі” з Бераставіччыны, народны ансамбль “Гудскі гармонік” з Лідчыны, народны тэатр “Матуліна песня” з аг. Жытомля Гродзенскага раёна, народны ансамбль “Зарачанскія крынічкі” з в. Зарачанка Гродзенскага раёна, салісткі народнай эстраднай студыі «Миллениум» з Гродна. Упершыню на свята прыехаў духавы аркестр «Porech’e ViP band» з аг. Парэчча Гродзенскага раёна, які пакарыў прысутных віртуозным выступленнем.

 Асаблівае замілаванне ў гледачоў выклікалі маленькія ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Радунскія салавейкі” з   Радунскай СШ Воранаўскага раена.

Нумары проста зрывалі авацыі, прыхільнікі беларускай і польскай культуры спявалі разам з артыстамі і  танцавалі пад знаёмыя мелодыі. Фестываль сапраўды аб’яднаў людзей: палякаў і беларусаў, артыстаў і гледачоў, дарослых і дзяцей. Традыцыйна яркім фінальным акордам свята стала песня «Люблю наш край» у выкананні зводнага хору з беларускіх і польскіх выканаўцаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.