
У ДУА «Яслі-сад в. Паляцкішкі» прайшоў тыдзень на экалагічную тэматыку «Ачысцім планету ад смецця»
Як вядома, чыста не там, дзе прыбіраюць,
а там, дзе не смецяць!
У ДУА «Яслі-сад в. Паляцкішкі»
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці
прайшоў тыдзень на экалагічную тэматыку
«Ачысцім планету ад смецця»
Забруджванне планеты смеццем на сённяшні дзень з’яўляецца адной з глабальных экалагічных катастроф. Навукоўцы ўсяго свету займаюцца рашэннем гэтых праблем. На зямлі ляжаць мільярды тон бытавых адходаў. І з кожным годам іх колькасць пастаянна павялічваецца. Выносячы з хаты смецце, мы рэдка задумваемся аб тым, што ж з ім адбываецца далей, якая колькасць часу патрабуецца для таго, каб адходы расклаліся.
Праблему смецця трэба вырашаць цяпер і пачынаць трэба, перш за ўсё, з сябе. З мэтай звяртання ўвагі на праблему забруджвання навакольнага асяроддзя ў ДзУА «Яслі-сад в. Паляцкішкі» прайшоў тыдзень на экалагічную тэматыку «Ачысцім планету ад смецця». У рамках дадзенага экалагічнага тыдня выхаванцы пазнаёміліся з асноўнымі правіламі паасобнага збору смецця, засвоілі правілы паводзін на вуліцы (не смяціць, выкідаць смецце толькі ў спецыяльныя кантэйнеры і г.д.). Разам з выхавальнікам дашкольнай адукацыі выпусцілі лістоўкі пра шкоду смецця, памяткі для бацькоў «Што можа зрабіць адзін?».
У рамках экалагічнага тыдня прайшла акцыя «Збяры макулатуру – захавай жыццё дрэву». Выхаванцы разам з бацькамі актыўна прынялі ўдзел у дадзенай акцыі, па завяршэнні якой дзеці пакінулі лісточкі са сваімі імёнамі на дрэве ў кутку прыроды, як сімвал дапамогі выратаванаму дрэву.
Для выхаванцаў і іх бацькоў былі арганізаваны конкурсы вырабаў з непрыдатнага матэрыялу «Адходы ў даходы» і «Цуды з газеты» з мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы ўтылізацыі і перапрацоўкі ўсіх відаў смецця. Работы адрозніваліся арыгінальнасцю і навізной, адпаведнасцю заяўленай тэматыцы.
Па заканчэнні экалагічнага тыдня «Ачысцім планету ад смецця» быў праведзены конкурс малюнкаў «Прывядзі у парадак сваю планету!», а таксама выхаванцы разам з выхавальнікам дашкольнай адукацыі навялі парадак на тэрыторыі сваёй дашкольнай установы.
Чысціня нашай планеты залежыць канкрэтна ад кожнага жыхара планеты. Таму мы з выхаванцамі запланавалі ў бліжэйшы час пасадзіць дрэва на тэрыторыі нашай дашкольнай установы, разбіць кветкавую клумбу, прыбіраць смецце і сачыць за чысцінёй на тэрыторыі нашай дашкольнай установы. Толькі тады наша планета стане ўтульнай, чыстай і прыгожай, на якой будзе хацецца жыць!
Жукоўская Надзея Віктараўна
выхавальнік д/а
ДУА «Яслі-сад в. Паляцкішкі»

