#Воранаўшчына – край легенд і паданняў

Канвелішскія школьнікі ў рамках рэалізацыі праекта “Воранаўшчына – край легенд і паданняў” на канікулах працягваюць падарожжа па родных мясцінах. Дом-сядзіба Путкамера ў аграгарадку Больцінікі захоўвае шмат таямніц. Маёнтак (сам палац, дваровыя пабудовы) быў узведзены ў 1890 годзе. Праектуе і будуе дом унук Путкамера і Марылі Верашчакі з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. На сённяшні дзень у будынку выдатна захаваліся печкі і каміны з брытанскай кафлі.

За палацам – маляўнічы парк, у якім да гэтага часу можна сустрэць рэдкія для тутуэйшых месцаў пароды дрэў.  Мясцовыя старажылы вераць, што пробкавае дрэва, якое расце тут, умацоўвае здароўе чалавека, дае яму сілы, толькі трэба абняць яго рукамі. Парк памятае Марылю Верашчаку, прыгожую і руплівую гаспадыню, каханую Адама Міцкевіча, нашага земляка, класіка польскай літаратуры.

Адам Міцкевіч па запрашэнні Путкамераў наведваў Больцінікі. Ужо з замужняй Марыляй ён тайна спатыкаўся ва ўрочышчы “Гаёк”, да якога з палаца ісці кіламетры два. Тут, на паляне, сярод дрэў на вялікім валуне ён чакаў каханую. Паданне сцвярджае, што калі аднойчы Марыля не прыйшла, паэт выразаў на камені крыжык, як сімвал вечнага кахання. Жыхары вёскі сцвярджаюць, што, калі дакрануцца да валуна і згадаць імя дарагога чалавека, каханне будзе ўзаемным і моцным. Вучні з задавальненнем слухалі цікавыя гісторыі пра мінулае.

Воранаўшчына – гэта край, дзе жыве гісторыя.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.