Падарожжа па Мінску

Падарожжа па Мінску
Навучэнцы Забалацкай сярэдняй школы імя Я Н.Карпянкова, члены ваенна-патрыятычнага клуба “Юныя сябры пагранічнікаў”, пабывалі на экскурсіі ў Мінску. Нас гасцінна сустрэла Акадэмія МУС, затым мы адправіліся ў музей Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Там былі ўручаны нам электронныя гіды і кожны мог пазнаёміцца з экспазіцыяй музея самастойна.
Экспазіцыя музея МУС Рэспублікі Беларусь прадстаўлена ў 5 залах. У першым мы азнаёміліся з дзейнасцю структур па ахове правапарадку на беларускіх землях у часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Далей мы пазнаёміліся з гісторыяй адукацыі імператарам Аляксандрам I Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі, дзейнасцю спецыялізаваных дзяржаўных органаў па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю ў XIX стагоддзі. У наступнай зале можна было пазнаёміцца з арганізацыяй і станаўленнем беларускай міліцыі ў 1917-1939 гадах, і ў першую чаргу Мінскай гарадской міліцыі на чале з Міхаілам Васільевічам Фрунзе.
Наступная зала экспазіцыі, чацвёртая, якая прысвечана дзейнасці міліцыі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, удзелу органаў правапарадку БССР у аднаўленні разбуранай Рэспублікі, удзелу супрацоўнікаў беларускай міліцыі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС найбольш зацікавіла хлопчыкаў. Тут ахоўнікі музея дазволілі зрабіць здымкі з экспанатамі, якія найбольш спадабаліся.
У апошняй зале музея пра дзейнасць падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе, нам вельмі падрабязна расказала экскурсавод.
Кожны быў прыемна здзіўлены, што ў музеі ўстаноўлены сучасныя мультымедыйныя парталы з дадатковай інфармацыяй па ўсіх раздзелах экспазіцыі, дзе многія змаглі больш дэталёва пазнаёміцца з цікавымі людзьмі і экспанатамі.
Далей наша экскурсія была прадоўжана. Падсілкаваўшыся і наведаўшы тарговы цэнтр “Сталіца”, мы адправіліся ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Незвычайная абстаноўка, ціхая мелодыя ваенных год настроілі на пэўны лад. Навучэнцы апынуліся ў атмасферы 40-х гадоў, гадоў ваеннага ліхалецця, гадоў цяжкасцей і пакут. З цікавасцю і захапленнем хлопцы і дзяўчаты знаёміліся з экспанатамі музея, рабілі здымкі. Задавалі пытанні экскурсаводу і, атрымаўшы поўную інфармацыю, адпраўляліся ў наступную залу.
У дзень юбілея Якуба Коласа нам пашчасціла сустрэцца з паэтам,
наведаць часовую выставу “Апалены золак”, прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, якая арганізавана ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.
Выстава “Апалены золак” распавядае аб трагічных ваенных гадах жыцця нашага славутага песняра з лета 1941 па восень 1943 года. Са слоў экскурсавода пра выставу мы даведаліся, што ўпершыню на выставе прадстаўлены некаторыя рэчы паэта і яго сям’і. Сярод іх: кубак, знойдзены ў развалінах дома Міцкевічаў, паляўнічая стрэльба сярэдняга сына Юркі, люстэрка Марыі Дзмітрыеўны, жонкі паэта, фотаздымкі, некаторыя рукапісы і кнігі.
Выстава нам напомніла, што для Якуба Коласа дарога на вайну пачалася з раставання з Радзімай, з народам.
— 40-ыя нам не забыць. Колас піша аб Мінску: ”На нашых вачах гарэў стары…”. Канешне, факты не мяняюцца. Сям’я Міцкевічаў- Канстанцін Міхайлавіч, Марыя Дзмітрыеўна, сыны Даніла, Юрка і Міхась- пакінула Мінск. У эвакуацыю паспелі ўзяць толькі 2 чамаданы, а малодшы сын Міхась захапіў стрэльбу Юркі, – вядзе свой аповед экскурсавод.
А гэтыя два чамаданы стаяць перад нашымі вачыма і адразу ўзнікаюць малюнкі таго часу. І стрэльба, запакованая ў скураны чахол, і кошык маці, які яна прыхапіла, як гаспадыня, паклаўшы туды прадукты. “ А ў кошыку ляжала вяндліна, якая так пахла і якую так хацелася з’есці…- з успамінаў сына Данілы.
Мы праходзім далей і наступны раздзел выставы “Колас ва Узбекістане”. Так званы Ташкенскі перыяд жыцця і творчасці Якуба Коласа. Тут крэсла паэта, партфель, паэтава цюбіцейка. Тры гады паэт жыў далёка ад Радзімы, але “страчыў” па-своему, за Радзіму, за народ. Дарэчы, там на стале стаяла чарнільніца і пяро, яго аружжа, з дапамогай якога паэт ствараў свае творы на ваенную тэматыку, якія чыталі і перачытвалі салдаты і патрызаны, з якімі ішлі ў бой. Гэтыя творы і сёння не страцілі сваёй актуальнасці. Таму што напамінаюць нам аб ваенных часах і тых цяжкасцях і пакутах, якія перанёс беларускі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Экскурсіяй у музеі і сустрэчай з Якубам Коласам закончылася наша падарожжа ў сталіцу. Змораныя крыху, але задаволеныя ўбачаным і пачутым мы вярнуліся дадому.

Коцік Валянціна Уладзіміраўна,
намесннік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
кіраўнік клуба “ЮСП”
ДУА “Забалацкая сярэдняя школа імя Я Н.Карпянкова”

 

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.