Дзень роднай мовы ў Доцішская сярэдняй школе

З мэтай папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання  беларускай мовы, выхавання ў навучэнцаў нацыянальнай самасвядомасці, любові да роднай мовы, фарміравання матывацыі да ўдзелу ў актыўнай дзейнасці і падтрымцы творчай ініцыятывы ў Доцішскай сярэдняй школе 21 лютага былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы.

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў нашай установе адукацыі пачалося з акцыі “Размаўляй па-беларуску!” Для гэтага неабходна было прадэманстраваць эрудыцыю: падабраць абагульняючае слова да названых, скласці і запісаць да яго сінквейн. Кожны ўдзельнік акцыі атрымаў салодкі пачастунак.

На ўрачытай лінейцы, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, з прывітальным словам выступілі “госці” з замежных краін: Кітая і Францыі. Кожны расказваў пра ўнікальнасць роднай мовы. Але маленькі беларус пераканаў усіх у тым, што найлепшая ў свеце мова – беларуская! Навучэнцы 6 класа пазнаёмілі з гісторыяй ўзнікнення свята. Вялікую цікавасць у прысутных выклікала інфармацыя пра “Чырвоную кнігу” моў свету. Вучні сярэдняга звяна праявілі ініцыятыву: прадэкламавалі верш Сяргея Чыгрына “Кажыце сваяцтва, а не радство”.

У класных калектывах прайшлі тэматычныя інфармацыйныя і класныя гадзіны “Беларуская – самая мая”, а кожны ўрок пачынаўся з цытавання класікаў.

Васьмікласнікамі была падрыхтавана фотабутафорыя да Міжнароднага дня роднай мовы, незвычайныя малюнкі не толькі цешылі вока, але і знаёмілі навучэнцаў з унікальнымі беларускімі словамі.

Выклікала асалоду і задавальненне праца па станцыях квэсту “Каб мова родная гучала”.

Паэтычны чэлендж у выкананні навучэнцаў 5-7 класаў захапіў мілагучнасцю роднага слова.

Гродзенскі абласны дыктант “Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў” пісалі не толькі члены працоўнага калектыва, але і бацькі. Агульная колькасць удзельнікаў – 18 чалавек.

Вечарына “Я на ўсё жыццё абраў дарогу”, прысвечаная жыццю і творчасці Аркадзя Куляшова, стала фінальным акордам святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.

Усе настаўнікі і навучэнцы атрымалі сімвалічную закладку, своеасаблівы лагатып Міжнароднага дня роднай мовы.

Дзень быў насычаны падзеямі, паўсюль гучала родная мова, прыўзняты настрой перапаўняў сэрцы і дарослых, і дзяцей.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.