З густам, у лепшых народных традыцыях
Якой модніцы не спадабаецца лёгкая льняная сукенка ці стыльны льняны касцюм?! Што тут казаць, натуральная тканіна заўжды ў модзе. Галоўнае, каб дызайн пашытага з яе адзення задавальняў пакупнікоў. Ідэя стварыць свае вырабы менавіта з ільнянога палатна, якое дагэтуль беражліва захоўвалася ў бабуліных і прабабуліных куфрах, узнікла ў Забалацкім НПК. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы Валянціны Уладзіміраўны Коцік, яна належыць кіраўніку ўстановы Надзеі Іванаўне Юшэвіч. Задумвалася пашыць не проста адзенне ў лепшых беларускіх традыцыях, але і адкрыць уласны тэатр моды. У дызайнерскую і шавецкую працу ўключыліся настаўнікі і вучні.
Васьмікласніца Аляксандра Лазоўская тут жа прыгадала, што прыдатнае палатно, аж 24 метры, ёсць у куфары яе прабабулі Станіславы Станіславаўны Бартось, якая жыла ў Салтанішках. І расказала, што ў маладосці прабабуля разам з сястрою Леанідай доўгімі зімовымі вечарамі займаліся ткацтвам.
Затым за справу ўзялася вучаніца 9 класа Валерыя Буйко. Яна распрацавала цікавыя эскізы будучых мадэлей. Па іх настаўніца абслугоўваючай працы Вольга Мечыславаўна Радзько і педагог-псіхолаг Кацярына Валер’еўна Кандратовіч выкраілі і пашылі касцюмы. На дапамогу ім прыйшлі калегі — настаўніца матэматыкі Яніна Мар’янаўна Анаровіч і выхавацель групы падоўжанага дня Рэгіна Іосіфаўна Чапля. Праца ў руках педагогаў спорылася. Гатовыя вырабы яны ўпрыгожылі вышыўкай з нацыянальным арнаментам і тасьмой з беларускімі матывамі. Атрымалася няблага! Засталося толькі прыгожа прадставіць касцюмы на подыуме, пакуль толькі на забалацкім. З пачынаючымі мадэлямі папрацавала педагог-арганізатар Вольга Мікалаеўна Крысь — і вучні Паліна Юшкевіч, Вікторыя Сухоцкая, Максім Мінгілевіч, Вераніка Лышчык, Кацярына Кашлей і Валерыя Буйко (на здымку) сталі лёгка і грацыёзна рухацца па сцэне.
— На гэтым мы не спынімся, — расказала В.Ул. Коцік. — У нашым тэатры ёсць ільняны капялюшык для маленькіх модніц. Плануем вырабіць і саламяныя галаўныя ўборы. Дапрацуем касцюмы — яшчэ больш аздобім іх вышыўкай. Дарэчы, нашы льняныя вырабы можна ўбачыць як на сайце школы, так і ў групе Забалацкага НПК у сацыяльнай сетцы «Одноклассники».
На момант выхаду нумара мы даведаліся, што ў забалацкіх модніц ужо ёсць поспехі і на раённым узроўні — работы з ільну занялі 3-е месца на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці «Здравствуй, мир!»